ХВА́ЛЕВАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

1) у акустыцы — удзельны акустычны імпеданс (комплекснае супраціўленне) асяроддзя для плоскіх хваль. Вызначае ўмовы адбіцця і пераламлення хваль на мяжы асяроддзя.

Для газападобнага ці вадкага асяроддзя Х.с. роўнае адносінам гукавога ціску ў бягучай плоскай хвалі да вагальнай скорасці — скорасці (адносна асяроддзя) часціц, якія пры праходжанні хвалі вагаюцца каля становішча раўнавагі. Для неабмежаванага цвёрдага асяроддзя або стрыжня Х.с. выражаецца праз адносіны напружання механічнага да вагальнай скорасці часціц асяроддзя.

2) У газавай дынаміцы — аэрагідрадынамічнае супраціўленне (гл. Гідрадынамічнае супраціўленне), якое ўзнікла пры звышгукавым цячэнні газу адносна цела. Абумоўлена стратамі энергіі на ўтварэнне ўдарных хваль. Х.с. для цяжкай вадкасці — складальныя сілы супраціўлення вадкасці руху цела. Узнікае, калі цела рухаецца каля свабоднай паверхні вадкасці ці паверхні падзелу вадкасцей з рознымі шчыльнасцямі. Абумоўлена ўтварэннем рухомым целам паверхневых хваль.

3) У электратэхніцы — адносіны напружання да сілы току ў пунктах лініі (напр., доўгай лініі), па якой распаўсюджваюцца эл.-магн. хвалі. Для павелічэння ккдз такой лініі яе нагрузку робяць роўнай (ці блізкай) да Х.с.

т. 16, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)